buryk (fiumicina) wrote,
buryk
fiumicina

мая вельмі вялікая віна

Гарадская легенда кажа, што нябожчык кайзар Франц-Ёзаф вельмі ўжо не любіў мад'яраў (who gonna blame him?), а асабліва яго раздражняла іхняя звычка пускаць пыл у вочы і выдаткоўваць грошы на розную лухту, кшталту ўпрыгожваньня сваёй сталіцы, у той час як Радзіма мела пільную патрэбу ў новых дрэдноўтах (дзякуй Пану Богу - укаталі сіўку крутыя горкі - зараз інвестуюць у украшацельства што той Латушка ў беларускае кнігавыдавецтва). Таму, працягвае гарадская легенда, калі мад'яры вырашылі пабудаваць новую каралеўскую опэру ў Будапешце, то яго міласьць кайзар (які ўсё ж быў ня зьвер) дазвол на такую пабудову даў, але ж толькі з умовай вельмі суворага абмежаваньня колькасьці месцаў у залі. Гарадская легенда настойвае, што гэта таму, што баяўся, што сукіны дзеці пабудуюць опэру вялізьней за прыдворную ў Вене, што было б надзвычайным канфузам. Але ж мне здаецца, што ён проста ведаў тую публіку ня першы год і таму добра ўсьведамляў, што дай ім волю - усе грошы струбяць невядома на што. Гарадская легенда нас суцяшае, што з немагчымасьці пабудаваць самы вялікі ў краіне тэатар, патрыятычна-арыстакратычная грамадскасьць вырашыла канцэнтравацца на пабудове самага прыгожага тэатру, прычым выключна з патрыятычна-ісконна-мад'ярскіх матар'ялаў. Сайт опэры з сумам кажа, што ісконна мад'ярскага ў тэатры напрыканцы будоўлі засталося прыблізна столькі ж, колькі ў маніторах "Інтэграл" ісконна баларускага, але, як і ў выпадку з маніторамі, можа яно так і лепей. Што ж датычна "самага прыгожага", то мне меркаваць цяжка. Truth should be said, апасьля таго, як Густав Малер сышоў з пасады дырэктара каралеўскай опэры, нічога велічна-прыўкраснага там асабліва ўжо не адбывалася. Дакладней, адбывалася, канешне, але калі параўноўваць з Прыдворнай, а апасьля Венскай Дзяржаўнай опэрай, то ў Каралеўскай, а апасьля - Вугорскай дзяржаўнай опэры быў застой застойны. Таму канцэнтраваная намоленасьць Венскай дзяржопэры робіць яе аўдыторыюм, сьціпленька адноўлены ў 1950-х, месцам непараўнальна больш неверагодна-якім заўгодна больш прыўкрасным за пазлашчоную аўтэнтыку Вугорскай дзяржопэры з яе інтэр'ерам палацавага тэатру-пераростка.

Калі бліжэй да дзела. У Вугорскай дзяржопэры слухаў 13 сьнежня Аіду з Ildiko Komlosi у партыі Амнэрыс і мясцовымі зоркамі, якія з усіх сіл імкнуліся перазорыць "сваю-замежную" зорку. Засталося вельмі пазытыўнае ўраджаньне і жаданьне большч шчыльна сачыць за творчасьцю Komlosi. Але катарсісу ня здарылася. Катарсіс здарыўся 16 сьнежня ў Венскай дзяржопэры, дзе давалі Дафну. Пад час сцэны пераўтварэньня хацелася плакаць. Мой добры Бог! Як можна ТАК іграць, як гэта робіць Wiener Philharmoniker!!!??? Якіх салодкіх каўрыжак я не атрымаю ў бліжэйшай будучыні за гэтае пачуцьцё абсалютнага шчасьця? Ці праканае Яму, калі я дабраахвотна схажу ў Беларускую опэру, ці без Харкаўскай, даруй мяне Божа, опэры, іскупленьня не атрымаецца?

А, ну і яшчэ віншую Johan Botha i Michael Schade з сумленна заробленымі Kammersänger (KS).
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

  • 8 comments