buryk (fiumicina) wrote,
buryk
fiumicina

In fernem Land, unnahbar euren Schritten...

Гэты новы год мне пашчасьціла сустрэць на ісконной русской земле – у Калінінградзе. І гэта мне вельмі нагадвала сустрэчу НГ на яшчэ адной ісконной русской земле – у Южна-Сахалінску. Калі параўноўваць ісконнасьць, то, канешне, Южна-Сахалінск ёсьць зямлёй нашмат болей ісконна-русскай, бо па-першае, там ёсьць танк атрутна-зялёнага колеру, на пастаменьце якого так і напісана – “освободітелям Сахаліна – ісконно-русской землі”, а па-другое, ісконна-русскасьць калінінградскай зямлі вельмі heavily compromised паўсюднай русЬкасьцю баларускага разьліву.

Дарагое ацечаства ўгнездавалася тут надзіва ўчэпіста – нават калі які паспаліты рускі чалавек застаўся (па недаглядзе) без беларускай жонкі, то па меньшай меры ён будзе глуха абкладзены хроснымі родзічамі з удзелам вышэйузгаданай беларускай жонкі (ці некалькіх жанок з перадавога атраду беларускіх жонак). Так або йнакш, гэта прыводзіць да аднаго і таго ж выніку – у гаспадарцы будзе прысутнічаць аршанскі лён, а таксама мілавіца, серж, беліта, белвест і г.д., а каму асабліва пашчасьціць – то і сам луч. Калі хто зусім нядаўна прыехаў на ісконна-русскую зямлю, не пасьпеў завязнуць у беларускай матрыцы і пакуль што бесклапотна дыхае паветрам свабоды, то і тут яго хутка можна будзе браць цёпленькім, бо выйшаўшы раніцой на родны ганак, ён перш за ўсё ўбачыць на бліжэйшым шапіку нешта накшталт “традіціі белорусского качества” (пад гэтым шматзначным брэндам можа праходзіць усё што заўгодна – ад кільбасаў да кілімаў). Пры гэтым самі людзі з матрыцы такога ўжо не заўважаюць. Трэба асабліва зьвярнуць іх увагу і некаторыя, асабліва назіральныя, раптам пачынаюць бачыць асобныя кампаненты матрыцы. Але ж абарончы механізм тут жа спрацоўвае, і матрыца, хоць яшчэ і застаецца бачнай некаторы час, але ўжо ўспрымаецца як нешта належнае і безумоўна пазытыўнае. Бо калі ў астатняй Расеі гэта толькі распаўсюджанае меркаваньне, то на блаславёнай крулявецкай зямлі гэта ёсьць рэлігійнай догмай – на Беларусі Бог жыве, на той абяцанай зямлі малочныя рэкі, сьмятанныя азёры, тварожныя балоты і кільбасныя лясы, і ягня ляжыць поруч са львом, і немаўля іх вядзе. Тое, што на Беларусі яны амаль што ўсе былі, аніякага атэістычнага эфекту не дае – наадварот. Вера ўзмацняецца, у родным аэрапорце ля трапу летака Белавіа іх сустракае аўтобус МАЗ, каб адвезьці назад у матрыцу, новы стос ільняных сурвэтак кладзецца ў шафу, каб неўзабаве быць разьмяркаваным па родзічах і суседзях у чырвоныя дні календара, а ўчарашнія немаўляты разам з першымі цукеркамі атрымліваюць social knowledge, што калі зефір – то толькі бабруйскі (нават калі яны яго ў вочы не бачылі).

Тут трэба пераходзіць да высноваў. Але я ня буду. Бо страшна.

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

  • 2 comments